Школа православной культуры "Благовест"

Чытанка

6+

Краіна літаратуры – гэта ўладанне кніг, у якіх захавана духоўнае багацце ўсяго чалавечага роду, досвед і мудрасць нашых продкаў і сучаснікаў – ад фальклорных калыханак, загадак і казак да сучасных шэдэўраў мастацкага слова. Пачні падарожжа ў гэтую дзіўную краіну з казкі, і ты навучышся атрымліваць асалоду ад хараства і выразнасці беларускага слова. А пасябраваўшы з цікавымі, добрымі персанажамі і выдатнымі кніжнымі выданнямі, ты ніколі не будзеш адчуваць недахоп у вясёлых суразмоўцах, верных таварышах і мудрых дарадцах.


Разумець мову прыроды

Ёсць казкі, якія цікава чытаць людзям абсалютна рознага ўзросту. Таму што і сюжэт займальны, і даведацца можна нашмат болей, чым з навукова-папулярнай кнігі ці нават даведніка. Менавіта такімі з'яўляюцца краязнаўчыя казкі Алеся Карлюкевіча – аўтара ўжо добра вядомых і любімых як школьнікамі, так і іх бацькамі кніг “Прыгоды шубуршуна”, “Крыніца паноў Ельскіх”, “Як Жаўна лясным жыхарам кватэры будавала”, “Падарожжа паштовай маркі” і іншых.
Кніга “Цёплыя назвы Яе Вялікасці Вады” дадае новыя фарбы ў каляровую карціну свету, створаную творчай фантазіяй. У асноўным – сінія, блакітныя, серабрыстыя, бо гаворка ідзе пра разнастайнасць беларускіх вадаёмаў, іх назвы, насельнікаў, шляхі ў мора і акіян. Аказваецца, проста і без лішніх намаганняў спасцігнуць асновы гідранімікі і энтамалогіі – абсалютна рэальна! А яшчэ даведацца, якое возера самае глыбокае, колькі торфу назапасілі беларускія балоты, як лавіць рыбу таптухай і як жыхары розных краін называюць нашыя паўнаводныя Нёман і Дняпро. Шчодра перасыпаная трапнымі прыказкамі і прымаўкамі, мова кнігі сакавітая, арыгінальная, але зусім не мудрагелістая, а, наадварот, надзіва зразумелая і выразная.
Давайце ж разам разважаць над павучальнымі і цікавымі гісторыямі!

Крыніца:
Па матэрыялах часопісу “Родная прырода”

Прыемнага чытання!


Пасланне нашчадкам

Вельмі многа цікавых кніг напісалі для цябе беларускія пісьменнікі. Цікавыя вершы і апавяданні можно знайсці ў зборніку “Жывіца”. Так, напрыклад, у апавяданні Яўгена Каршукова “Пасланне нашчадкам” ты пазнаёмішся з хлопчыкам Міколкай, які не хацеў вучыцца. Міколка пачаў злаваць: яго дзед, які, вядома, хацеў, как унук добра вучыўся, кожны дзень правяраў яго дзённік і прымушаў выконваць урокі. І вось Міколка задумаў паскардзіцца на свайго дзеда – ды не суседзям, а нашчадкам. Напісаў свае крыўды на паперы, паклаў у банку і закапаў яе глыбока ў зямлю. Але вельмі здзівіўся, калі, прыйшоўшы дадому, убачыў свайго дзеда таксама з такой бляшанкай.
“ – Ты што робіш, дзядуля?! – падазрона спытаў Міколка.
– Ды так… Сёе-тое хачу даверыць зямельцы-маці,  спакойна адказаў Макар Пятровіч, хаваючы ў вусы ўсмешку. – Падрыхтаваў вось пасланне…
Пасланне? – ад страшнай здагадкі Міколку ажно млосна зрабілася. – Каму?!
Нашчадкам, каму ж яшчэ… Адкапаюць, прачытаюць добрыя людзі маё пісямцо і адразу зразумеюць, што стары марак пражыў сумленнае жыццё, ніколі нікога не крыўдзіў, нават свойго лянівага ўнука…”.
Хлопчыку стала сорамна за свой учынак, і ён вырашыў з гэтай пары вучыць урокі.

Прыемнага чытання!


Добрыя лекі

Кніга, якую прыемна трымаць у руках, атрымліваючы асалоду ад казак, ілюстрацый, мовы. Народныя казкі перакладзены з латышскай мовы Пятром Масальскім – таленавітым паэтам і фалькларыстам. Кожны заўважаў, якія падобныя між сабой казкі суседніх народаў: як і беларусы, латышы спрадвеку цанілі працавітасць і розум, дабрыню ды гумар, высмейвалі ляноту і сквапнасць. У зборніку вы знойдзеце казкі на любы густ – і бытавыя, і чароўныя. Яны падыдуць як для чытання ўслых малодшым дзецям, так і тым, хто толькі пачынае чытаць самастойна – бо шрыфт у кнізе буйны, а творы невялікія. Гарманічна дапаўняюць тэкст прыгожыя, пяшчотныя ілюстрацыі Марыі Каратаевай.

Прыемнага чытання!

Кнігі-юбіляры

Сёлета спаўняецца 80 гадоў ажно дзвюм кнігам выдатнага беларускага пісьменніка Міхася Лынькова. Яшчэ твае прабабулі і прадзядулі зачытваліся аповесцямі “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” і “Міколка-паравоз”. Сучасныя дзяўчынкі і хлопчыкі таксама ведаюць і любяць іх. Давай разбірацца, у чым сакрэт такой папулярнасці. Пачнём з першага твора…

“Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”

Жыло сабе медзведзянятка ў лясным гушчары, клопату не ведала. Ды адкуль было ўзяцца таму клопату, калі мама-мядзведзіца заўсёды побач: і накорміць, і прыласкае, і абароніць. Толькі пчолкі калі-нікалі крыўдзілі малога – дужа балюча кусаліся, мёд абаранялі. У аповесці апісваюцца падзеі, якія адбываліся падчас Першай сусветнай вайны. Аднойчы Мішка без дазволу пайшоў ягадамі ласавацца. І сустрэў у малінніку самага страшнага звера – чалавека, якога нават вялікая мядзведзіца баялася. Аказваецца, у той час у лесе адпачываў полк салдат. У першым і другім батальёнах былі чацвераногія артысты – казёл Барадаты і сабака Жук. А трэці батальён не меў гадаванца. Таму яго байцы, якія якраз натрапілі на медзведзяня, злавілі малога і прызначылі сваім артыстам. Не такім ужо страшным зверам аказаўся чалавек. Салдаты клапаціліся аб мядзведзіку, а той забаўляў іх між баямі. А з часам Мішка таксама стаў байцом. Ён і патроны насіў, і плыт з кулямётам ратаваў, і нават генерала парожага без штаноў пакінуў. Сапраўдны герой!
Зацікавіла цябе гісторыя пра Мішку? Шукай яе ў бібліятэках і кнігарнях.

“Міколка-паравоз”

“Міколка-паравоз” – аўтабіяграфічная аповесць пра хлопчыка Міколку, сына машыніста. Ён вельмі любіў цягнікі, таму і атрымаў мянушку Паравоз.
Жылося Міколку нялёгка. Замест хаты яго сям'і служыў стары спісаны грузавы вагон з дзіравым дахам і сценамі, якія наскрозь прадзімаў вецер. Дзяцінства хлопчыка прыйшлося на дзве вайны: Грамадзянскую і Першую сусветную. Але ж Міколка не адседжваўся ў кутку, чакаючы лепшага жыцця. Ён выратаваў бацькавых таварышаў з палону, захапіў у немцаў параход, прывёў на дапамогу сваім таварышам браняпоезд з чырвонаармейцамі. Але і без бяды не абыходзілася: не раз даводзілася ратаваць і самога Міколку.
Па матывах аповесці “Міколка-паравоз” рабілі пастаноўкі многія тэатры. А ў 1956 г. рэжысёр Леў Голуб зняў аднайменны кінафільм.
Прачытай кнігу і паглядзі фільм, параўнай іх. Што табе спадабася больш?

Спіс крыніц:
Па матэрыялах часопіса “Рюкзачок”

Прыемнага чытання!



Казкі новага стагоддзя


Казкі… Вясёлыя і сумныя, гарэзлівыя і страшныя, доўгія і зусім кароткія. Казкі абуджаюць цікаўнасць, бударажаць уяўленне, развіваюць назіральнасць і кемлівасць.
Яны асуджаюць зло, прагнасць, жорсткасць, услаўляюць смеласць, рашучасць, дабрыню. Калі адбываецца знаёмства з казкамі, можна ўяўляць сябе адважным рыцарам ці прыгожай прынцэсай, падарожнічаць, гарэзнічаць, жартаваць, перамагаць страшыдлаў і абараняць слабых. Таму я не памылюся, калі скажу, што амаль усе дзеці і дарослыя любяць чытаць казкі. Ці ведаеш ты, паважаны чытач, што казкі жывуць усюды: і ў зялёным лесе, і ў чыстым полі, і ва ўтульнай кватэры, і на беразе хуткай ракі ці блакітнага возера, і нават у розных машынах. А вось адшукаць цудоўную гісторыю і пасяліць яе ў кніжцы можа толькі таленавіты чалавек, пісьменнік ці паэт, які бачыць цудоўнае нават там, дзе, здаецца, няма нічога дзіўнага. Ужо амаль дзесяць год выходзяць вельмі маляўнічыя кнігі ў серыі “Казкі XXI стагоддзя”.  Гэтыя кнігі сапраўдны падарунак. Яны павучальныя, багатыя на выдумку, здзіўляюць мноствам незвычайных прыгод, вучаць рабіць дабро, шанаваць сяброўства, берагчы нашу родную непаўторную прыроду. А яшчэ гэтыя творы засталіся вернымі цудоўнай казачнай традыцыі: дабро заўсёды перамагае зло. Расправавала серыю Алена Сцяпанаўна Масла. У нашай бібліятэцы ты можаш пазнаёміцца з кнігамі К. Хадасевіч-Лісавой, Н. Бучынскай, П. Васючэнкі, Н. Новаш, А. Бутэвіча, Г. Аўласенкі.
Давай крышачку паразважаем пра некаторыя з гэтых казак.
Казачная аповесць К. Хадасевіч-Лісавой  “Падарожжа ў Чароўны лес” запрашае ў дзівосныя вандроўкі па Чароўным лесе. Цябе чакае столькі незвычайнага, столькі таямнічага! А дзе сустрэнеш столькі звяроў і птушак, як не ў Чароўным лесе? Яны радуюцца і злуюцца, гандлююць, трапляюць ў бяду, веселяцца на святах. Усё як і у людзей.
Казка А. Бутэвіча “Прыгоды Віруса Шкодзі”, зразумела, спадабаецца ўсім тым, хто любіць камп'ютэры. А хто з вас, хлопчыкі і дзяўчынкі, не гатоў дняваць і начаваць перад маніторам? У казцы цябе чакаюць незвычайныя прыгоды, дзівосныя дзівы, чарадзейныя чары, забаўныя забавы ў каралеўстве Сусветнае Сеціва.
Гэтыя кнігі – сапраўдныя казкі XXI стагоддзя. Таму забудзь на нейкі час пра камп'ютэры і пра гульні, вазьмі ў рукі маляўнічыя Цудоўныя кнігі.
Гэтыя казкі, ці іншыя… Новыя героі, новыя вобразы, чароўныя падарожжы, дзівосныя падзеі – ты з цікавасцю і карысцю адпачнеш. Не сумневайся!


Прыемнага чытання!




Калі ты чытаеш казку, ці звяртаеш увагу, хто яе напісаў? Канешне, у кожнага твора ёсць аўтар. Аднак у старажытнасці было зусім па-іншаму. Вялікія казачнікі проста передавалі тое, што недзе пачулі. Так многія казкі створаны, дзякуючы людской памяці, мудрасці і фантазіі. Гэтыя казкі лічацца народнымі. Мы заўсёды верым у цуд, таму і персанажы казак прывабліваюць сваімі магічнымі здольнасцямі, уменнем ператварацца ў птушак і жывёл, стаць нябачнымі. Дарэчы, тое, што раней здавалася фантастычным, цяпер увасоблена ў рэальнасць. Дыван-самалёт, напрыклад,  правобраз сучаснага самалёта.
У свеце створана вялікая колькасць казак. Што ж рухае пісьменнікамі? Вядома, любоў да цябе, маленькі чытач, імкненне далучыць цябе да скарбаў культуры, гісторыі, узбагаціць новымі ведамі.
Для цябе пішуць казкі выдомыя беларускія пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Алена Масла, Анатоль Бутэвіч, Ніна Галіноўская, Васіль Вітка, Анатоль Зэкаў і іншыя, творы якіх можна пачытаць і ў нашай бібліятэцы. 

 Васіль Вітка

Лёгка і светла пра яго пісаць. Бо аўтар Васіль Вітка ўсенародна любімы! Як дзецьмі, так і дарослымі. Чалавек-планета, населеная Дабрынёй, Любоўю, Спагадлівасцю, Чысцінёй, Мудрасцю. Ён як гаючая крыніца ў зялёных лугах з-пад Еўлічаў, на Случчыне.
Ён – з самай глыбіні беларускага народа. І яго слова свеціцца Беларушчынай, грэе нашы сэрцы, цепліць нашы душы. І той, хто гэта пазнае з маленства, навек застаецца адданым сваёй Радзіме, свайму народу.
З дзівосным светам слыннага казачніка можна пазнаёміцца праз яго творы. Вершы Васіля Віткі лёгка запамінаюцца, вучаць жыццю, справядлівасці, любові да ўсяго жывога. Абавязкова ўсміхнешся, чытаючы “Дударыка”, “Бліны”. А колькі пазнавальнага ў кожным творы! Адкрываеш таямнічы свет птушак, нашых лясоў і лугоў. З якой любоўю выпісаны мілыя “Пліска”, "Гарыхвостка", “Гіль”, “Стрыж”, “Шпак”, “Шчыгол”, “Сарока”, “Сойка”!..



            Асалода
Якая асалода – жыць,
Знаць вартасць кожнае гадзіны,
Тым, што адкрыта, даражыць
І адкрываць за дзівам дзіва,
З апошніх сіл узяць рубеж,
Бясконцасці жыцця здзівіцца,
Пераканацца, што жывеш,
Што сэрца яшчэ можа біцца!

           Вясна мая
Першы лісток на дрэве
Вылузаўся з пялёнак,
Першы падбел на прыгрэве
Падняў свой сцяжок зялёны.

Першы агеньчык жоўты
Сонца ў далонях загушкала.
Вясна мая, няўжо ты
Вярнулася разам з птушкамі?                                                                         

Чытай, дзівіся святлу і цуду твораў нашага любімага казачніка!


Спіс крыніц:
Па матэрыялах часопіса “Вясёлка”

Прыемнага чытання!



Ён любіць жыццё і дзяцей

Іван Андрэевіч Муравейка – адзін са старэйшых пісьменнікаў Беларусі. У гады вайны змагаўся з фашыстамі на фронце. За адвагу і мужнасць узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, медалямі. Пра вогненныя гады напісаў кнігу “Іван з Беларусі”.
Іван Андрэевіч – аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і прозы для дзяцей і дарослых. Для юных чытачоў стварыў кнігі “Вадзіца з крыніцы”, “Ручаінкі”, “Вось якія мы”, “Пра работу і ляноту”, “Сем колераў вясёлкі”, “Я прыдумаў казку” і інш. Яны ніколі не залежваюцца на паліцах бібліятэкі.
Вершы яго напоўнены цікавым, карысным зместам. У іх ёсць пачуццё гумару, добрая падказка дзецям, як паводзіць сябе, як сябраваць з аднагодкамі і прыродай.
Давай удумліва, з настроем прачытаем верш слыннага паэта і адчуем яго ўзнёслую душу.

       Рабіць дабро








Сеў мядзведзь на пень гарбаты,
Што быў крэслам для яго,
Выпіў конаўку гарбаты
З залацістым пірагом.

Ўзяў рыдлёўку і вядро
І пайшоў рабіць дабро.
Перш – ён зайцу-слабаручку
Моркву выкапаў і бручку.

Зазірнуў і да баброў,
Да сваіх малых сяброў,
І пачаў дапамагаць
Ім запруду будаваць.

Адпачыў і зноў – наперад:
Трэба шлях лясны праверыць.

Ён ішоў гаспадаром,
А не бесклапотна клыпаў.
Знёс з дарогі буралом
І калдобіны засыпаў.


    







А вярнуўшыся дадому,
Сеў на крэсла – пень гарбаты.
З'еў усмак пірог мядовы,
Выпіў конаўку карбаты.
Пазяхнуў: – Пайду ў цянёк
І прылягу на бачок,
Болей сілы каб набрацца,
Бо яшчэ чакае праца.
                                                 

Спіс крыніц:
Па матэрыялах часопіса “Вясёлка”

Прыемнага чытання!

Комментариев нет:

Отправить комментарий